Афіцыйны сайт
4 чэрвеня 2018

Астраўчане на фестывалі нацыянальных культур

Документ без названия

1 і 2 чэрвеня на вуліцах Гродна сабраліся тысячы людзей – прадстаўнікі больш 50 народаў. Фестывальным эпіцэнтрам стала Савецкая плошча. З розных бакоў даносіліся экзатычныя гаворкі: насустрач яўрэйскаму “Шалом” ляцела беларускае “Вітаю”. 
Па традыцыі адным з самых яркіх і запамінальных момантаў фестывалю стала святочнае шэсце прадстаўнікоў нацыянальных дыяспар. Поруч з рускімі і ўкраінцамі ішлі і палякі – у тым ліку і нашыя, астравецкія. З плошчы Леніна ўдзельнікі шэсця прайшлі да плошчы Савецкай, дзе адбылося святочнае адкрыццё мерапрыемстваў ХІІ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. 
Галоўная асаблівасць фестывалю – гэта падворкі, дязкуючы якім можна перанесціся ў любую кропку свету і пазнаёміцца з традыцыямі і культурай многіх народаў. 
На польскім падворку, які раскінуўся ля Дома Элаізы Пашкевіч, гасцей сустракала сама Цётка. Тут можна было пакаштаваць гарбату з мёдам – пісьменніца захаплялася травамі. А вясёлы тон на польскім падворку задаў хор “Польскае рэха “Астраўца”. Гледачы не шкадавалі далоняў і ўзнагародзілі палякаў апладысментамі за цудоўнае эмацыйнае выступленне. 
Савецкая плошча і парк Жылібера ператварыліся ў сапраўдны горад майстроў. Рамеснікі Астравецкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці на фестываль прывезлі вырабы з саломкі, скуры і дрэва.
На жаль, заўсёднікі фестывалю - фальклорны ансамбль "Жыльвіціс" - не змаглі паехаць на свята, але літоўцы Астравеччыны годна прадставілі свой край і традыцыі. Выступленне інструментальнага ансамбля "Субаціце" госці літоўскага падворка віталі на "ўра".

Тэкст: Алена Гануліч
Фота: Антон Мальшэўскі