Галоўная / Навіны / Навіны раёна
24.06.2021

Сям’я Высоцкіх стала прызёрам абласнога этапу сямейнага сельскагаспадарчага праекту “Уладар сяла”


24_rKV6pI18.jpg

Учора ў Каробчыцах, што ля Гродна, прайшоў абласны этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла - 2021” – астраўчане сталі яго прызёрамі.

Наш раён на конкурсе прадстаўляла гудагайская сям’я Артура і Аксаны Высоцкіх з дзецьмі Дар’яй, Дзянісам і Дзмітрыем.

Удзельнікам трэба было прайсці 5 выпрабаванняў: прадставіць выставу дасягненняў і візітную картку сям’і, запрэгчы і распрэгчы каня, Папрацаваць дрывасекамі (распіліць бярвенні, пасекчы іх і скласці дровы), даць майстар-клас па высечцы сякерай дошчачкі для рэзкі. І прадэманстраваць спрыт у сельскай спартыўнай эстафеце, якая ўключала бег на “асядланым” бутафорскім кані, перанос вады на каромысле і чыгунка на вілках.

– Паўдзельнічаць у конкурсе нам прапанаваў астравецкі БРСМ. Мы з дзецьмі не вагаліся, а вось Артура давялося паўгаворваць, – дзеліцца Аксана Высоцкая. – Конкурсы цікавыя былі, як для нас з мужам, дык і нескладаныя. Мы з Артурам людзі вясковыя: я з Газы, ён з Лазоўкі, да прыкладу, таго ж каня запрэгчы для мяне ніякай праблемы – з 5-ці гадоў гэта рабіла. Адно што мужу цяжкавата было каромысла несці – не прывык, а я і гэта ўмею. (Смяецца.) А вось што нас па-сапраўднаму павыпрабоўвала – гэта надвор’е: калі раённы тур у Падольцах праходзіў, дождж ліў, а ўчора сонца, як на патэльні, скварыла!

Аксана з Артурам расказалі, едучы на абласны этап, хваляваліся менш, чым на раённым – гэты ж быў першым, незнаёмым.

Маладая сям’я ўдзячна арганізатарам праекту – Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі – за такі конкурс: цікава, незвычайна, новыя ўражанні, знаёмствы.

– Па праўдзе, не столькі дзеля сябе, колькі дзеля дзяцей удзельнічалі – калі так разам адпачынеш! У сыноў і дачкі столькі станоўчых эмоцый было, захаплення – мабыць, на год уперад хопіць! – дадае Аксана. – Дарэчы, у нас былі і памочнікі, і група падтрымкі: Віялета Алексеявец і Юлія Варковіч з райкама БРСМ дапамаглі зманціраваць відэавізітку, а хварэць за нас паехалі ў Каробчыцы мужавы сястра, пляменніца і маці.

Сярод пятнаццаці сямей-удзельніц Высоцкія сталі другімі – цудоўны вынік для навічкоў. І добры прыклад таго, як можна правесці некалькі дзён лета, для маладых актыўных сямей.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Рита Дремо