Афіцыйны сайт
23 верасня 2019

Віншаванні, узнагароды, музычныя падарункі – 75-годдзе Гродзенскай вобласці адзначылі ў Астраўцы

Святочнае мерапрыемства, прымеркаванае да 75-годдзя ўтварэння Гродзенскай вобласці, прайшло ў Астраўцы.

З гісторыяй развіцця арганізацый і прадпрыемстваў раёна можна было пазнаёміцца яшчэ да пачатку святочнай урачыстасці.

У фае кінаканцэртнай залы «Астравец» былі арганізаваны фотавыставы,  якія расказвалі пра гісторыю і сучаснасць раёна; буйнейшыя прадпрыемствы выставілі стэнды, якія дэманстравалі іх поспехі і дасягненні. Пра развіццё сельскай гаспадаркі ўдзельнікам урачыстасці расказалі і паказалі ў падрыхтаваным з нагоды юбілейнай даты відэафільме.

  

Словы віншавання адрасаваў астраўчанам старшыня Астравецкага раённага выканаўчага камітэта Ігар Шалудзін.

– У гэты юбілейны год многае было сказана аб важных падзеях нашай гісторыі: 100-годдзі ўтварэння БССР, 75-годдзі вызвалення Беларусі і Астраўца ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сёння мы сабраліся тут, каб успомніць гісторыю Гродзенскай вобласці, якая 20 верасня адзначыла 75 гадоў. Для гісторыі  гэта невялікі тэрмін, але для Гродзеншчыны гэты час стаў перыядам станаўлення і ўмацавання эканомікі, развіцця сацыяльнай сферы, культуры, адукацыі і аховы здароўя. Разам з вобласцю шлях станаўлення і развіцця прайшоў і наш раён, які ўвайшоў у яе склад у 1960 годзе. Сёння мы з упэўненасцю глядзім у будучыню. Астравеччына – рэгіён з сучаснай сельскагаспадарчай вытворчасцю, развітай сферай гандлёвага абслугоўвання, шырокай сеткай устаноў адукацыі, аховы здароўя і культуры, – адзначыў Ігар Яраслававіч. – Прыемна, што двойчы наш раён станавіўся пераможцам рэспубліканскага конкурсу за дасягненне лепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця і занесены на рэспубліканскую Дошку гонару.

Старшыня райвыканкама ўпэўнены, што сёння ёсць усе падставы ганарыцца нашым  раёнам і людзьмі, якія тут жывуць і ўносяць значны ўклад у развіццё  Астравеччыны, Гродзенскай вобласці і ўсёй краіны.

У сувязі з гэтым ветэраны працы і сённяшнія працаўнікі розных галін былі адзначаны ўзнагародамі рознага ўзроўню.

Так, Ганаровай граматай Астравецкага раённага выканаўчага камітэта былі ўзнагароджаны былы старшыня калгаса «Радзіма» Вячаслаў Адахоўскі, настаўнік-метадыст Падольскага НПК Тамара Качкан,  былы начальнік фінансавага аддзела Астравецкага раённага выканаўчага камітэта Мікалай Вайцяхоўскі, дырэктар Астравецкага лясгаса Рыгор Долгі, дырэктар завода «Радыёдэталь» Валянцін Гульбіновіч, медыцынская сястра цэнтральнай раённай бальніцы Марыя Саковіч, бібліёграф раённай бібліятэкі  Алена Мінкевіч, мастак-афарміцель раённай бібліятэкі Людміла Міжыгурская.

Шмат добрых слоў у адрас астраўчан выказала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук і ўзнагародзіла Ганаровай граматай ветэрана працы, якая ў  юбілейны для вобласці год святкуе і свой юбілей,  Ванду Вайшнаровіч.

  

Падзячныя лісты Астравецкага раённага Савета дэпутатаў  былі ўручаны  Ганне Варэйцы, Расціславу Герту, Валерыю Далговічу, Аркадзю Кісялю, Віктару Аксютчыку, Ніне Рыбік,  Валянціну Тачонаму.

З віншаваннямі  завіталі на ўрачыстасць старшыні раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў «Белая Русь» Ірына Раткевіч, «Беларускі саюз жанчын» Наталля Баніцэвіч і БРСМ Віялета Алексеявец. Падзячныя лісты і каштоўныя падарункі старшыні аб’яднанняў уручылі  ветэранам працы Марыі Васілёнак  і Дануце Чарнушэвіч,  дырэктару ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Тамары Кацяк, галоўнаму рэдактару «Астравецкай праўды» Алене Ярашэвіч,  педагогам-арганізатарам  гімназіі № 1 Дзіяне Жытковіч і сярэдняй школы № 2 Юліі Бруйко, пярвічнай арганізацыі Астравецкага  лясгаса.

Добры настрой, усмешкі і радасць астраўчанам падарылі артысты ансамбля народных інструментаў «Скарбніца», ансамбля народнай песні «Кемяліна», танцавальнага калектыва DSO,  Алеся Міленчук,  Ганна Кавалёва,  Анастасія Козар,  Злата Мінкелевіч,  Анастасія Ляховіч,  Ганна Вайцяхоўская,  Аляксандр Юргелянец,  Юрый Інаровіч, Аляксандр Вянгроўскі, а таксама вядучы святочнай урачыстасці Дзмітрый Карась.