Афіцыйны сайт
25 верасня 2019

Гродзенскі абласны драмтэатр прадставіць адну з самых сваіх папулярных камедый у абноўленым выглядзе

Прэм'ера спектакля "Камедыя пра Нешчаслівага селяніна, яго жонку Маланку, жыда Давіда і Чорта, які страціў сэнс існавання" паводле п'есы Уладзіміра Рудава адбудзецца 27 верасня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры.

У самім тэатры пастаноўку назвалі новым старым спектаклем, бо камедыя ставіцца ў Гродне з 1994 года. Гледачоў запрашаюць на прэм'еру з новым акцёрскім складам, абноўленым афармленнем сцэны, касцюмамі.

"П'еса за гэтыя гады стала візітнай карткай тэатра. Яе любяць гледачы, многія былі на спектаклі не адзін раз. Аднак акцёры, якія ігралі яго раней, маладзейшымі не станавіліся. Справа не проста ў абнаўленні акцёрскага складу - гледачы ўбачаць новы спектакль", - расказаў рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Генадзь Мушперт. Рэжысёр не сумняваецца, што ў зале, як і раней, будзе гучаць шчыры смех. Ён упэўнены, што абноўленую камедыю чакае доўгае жыццё на сцэне. Дарэчы, пастаноўка можа быць прадстаўлена і на адным з міжнародных фестываляў.

Сюжэт п'есы правераны часам, ён просты і вядомы, як і характары герояў. "Аднак п'еса актуальная і сёння, яна пра кожнага з нас. У вобразе Селяніна, напрыклад, аўтар змог вельмі дакладна сабраць нашы спадзяванні, чаканні, жаданні", - адзначыў акцёр Ігар Уланаў. У пастаноўцы таксама заняты Аксана Машынкова, Аляксандр Калагрыў і Васіль Мініч.

Прэм'ерны паказ спектакля ўбачаць не толькі гледачы ў тэатры. У якасці эксперымента прэм'еру пакажуць у прамым эфіры на гарадскім тэлебачанні. У тэатры ўпэўнены, што такі крок дасць магчымасць прыцягнуць новых гледачоў.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)