Афіцыйны сайт
27 сакавіка 2020

Качанава: важна дайсці да кожнага пажылога чалавека і прапанаваць яму дапамогу

Важна дайсці да кожнага пажылога чалавека і даведацца, якая дапамога яму патрэбна. Такую задачу ў час рабочай паездкі ў Ашмянскі раён паставіла старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Яна сустрэлася з дэпутацкім корпусам Гродзенскай вобласці, у цэнтры ўвагі былі актуальныя пытанні развіцця рэгіёна. Перад гэтым спікер наведала мясцовыя прадпрыемствы і цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ашмянскага раёна.

"У цэнтры ўвагі знаходзіцца выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы. Адно з іх датычыцца і ўважлівага стаўлення да пажылых людзей, якім цяпер важна пабыць дома", - адзначыла Наталля Качанава. Размова, падкрэсліла яна, аб дастаўцы пажылым дадому прадуктаў харчавання, медыкаментаў, аказанні іншай дапамогі. Важна, што да гэтай работы падключыліся не толькі цэнтры сацабслугоўвання, але і валанцёры з ліку моладзі, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый.

"Пры гэтым пажылыя людзі часта вельмі сціплыя, яны не хочуць кагосьці прасіць, турбаваць. Таму важна дайсці да кожнага, даведацца, у чым ён мае патрэбу. Калі ёсць дзеці, родныя, якія могуць даставіць усё неабходнае, - гэта добра. У адваротным выпадку трэба дапамагчы і ўберагчы", - адзначыла Наталля Качанава.

На яе думку, у Ашмянскім раёне, дзе пражываюць больш за 8 тыс. пенсіянераў, гэта работа пастаўлена на належным узроўні. Трэба, каб так было і ў іншых раёнах. У час сустрэчы з дэпутацкім корпусам рэгіёна Наталля Качанава заклікала народных выбраннікаў актыўна ўключыцца ў аказанне садзейнічання пажылым людзям. Бо менавіта дэпутаты добра ведаюць свае раёны, акругі, разумеюць, дзе неабходна дапамога.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)