Афіцыйны сайт
19 чэрвеня 2019

Новы механізм дзяржзакупак пачне працаваць у Беларусі з 1 ліпеня

Новая рэдакцыя закона "Аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)" уступіць у сілу з 1 ліпеня 2019 года, будзе ўкаранёна дзяржаўная інфармацыйна-аналітычная сістэма (ДІАС), дзе будуць сабраны ўсе звесткі аб электронных закупках у Беларусі. Навацыі заканадаўства дэпутаты і прадстаўнікі дзяржаўных органаў абмеркавалі 18 чэрвеня на пасяджэнні круглага стала ў Нацыянальным цэнтры маркетынгу МЗС Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як расказаў намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Андрэй Картун, кошт заключаных па выніках дзяржаўных закупак дагавораў складае каля 6 працэнтаў ВУП Беларусі. Змяненні ў заканадаўстве павінны зрабіць працэдуру больш празрыстай і эфектыўнай.

Андрэй Картун падкрэсліў, што цяпер МАРГ праводзіць у рэгіёнах семінары па тэматыцы дзяржзакупак для зваротай сувязі. Новаўвядзенні ў тым ліку накіраваны на выключэнне выпадкаў, калі кошт тавараў і паслуг пасля заключэння дагавораў павышаўся у разы.

"Новы закон накіраваны на скарачэнне колькасці нядобрасумленных пасрэднікаў, уведзена норма аб нязменнасці цаны дагавора (змяняцца яна зможа толькі прапарцыянальна аб'ёмам). Пастаўшчык павінен ацэньваць свае рызыкі і выстаўляць рэальную цану", - сказаў Андрэй Картун.

Навацыі датычыцца тэрмінаў пастаўкі тавараў, падрыхтоўкі і падачы прапаноў на таргі, фарміравання гадавога плана дзяржзакупак, парадку заключэння дагавора, правядзення конкурсаў.

Прадугледжваецца, што з 1 студзеня 2020 года закупкі з адной крыніцы пры арыенціровачным кошце прадмета дзяржзакупкі ад 50 да 300 базавых велічынь (адна БВ - Br25,5) павінны праводзіцца на электронных гандлёвых пляцоўках.

Як адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы Уладзіслаў Шчэпаў, законапраект паўтара года знаходзіўся на разглядзе ў Палаце прадстаўнікоў, уключаныя ў яго нормы шырока абмяркоўваліся. Пры падрыхтоўцы дакумента дэпутатам паступіла больш за сотню прапаноў. "Дзяржзакупкі - гэта індыкатар канкурэнцыі на рынку, і важна забяспечыць празрыстасць працэдур у гэтай сферы", - дадаў Уладзіслаў Шчэпаў.

Паводле яго слоў, адкрытая электронная сістэма ў сферы дзяржзакупак актуальна і з пункту гледжання развіцця эканомікі краіны, і з пункту гледжання спынення карупцыйных праяў.

У пасяджэнні круглага стала прынялі ўдзел прадстаўнікі розных міністэрстваў і ведамстваў, прадпрыемстваў і арганізацый, аблвыканкамаў, дэпутаты. Першы намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра маркетынгу Аляксандр Запольскі расказаў аб пераходзе да электроннага тыпу дзяржаўных закупак у поўным аб'ёме. Была прэзентавана дзяржаўная інфармацыйна-аналітычная сістэма кіравання дзяржаўнымі закупкамі (ДІАС), аператарам якой вызначаны Нацыянальны цэнтр маркетынгу МЗС Беларусі. ДІАС будзе садзейнічаць павышэнню празрыстасці і эфектыўнасці дзяржаўных закупак. У выніку навацый аўтаматызаваная сістэма зможа аналізаваць увесь жыццёвы цыкл закупак, пачынаючы з планавання і завяршаючы выкананнем кантрактаў. Стане магчымым падпісанне кантрактаў у форме электроннага дакумента.

Нацыянальны цэнтр маркетынгу таксама прадставіў новы модуль закупак з адной крыніцы ў электронным фармаце, які дасць магчымасць знізіць аперацыйныя выдаткі для заказчыкаў і пастаўшчыкоў і зробіць інфармацыю аб закупцы з адной крыніцы даступнай шырокаму колу карыстальнікаў.

Пытанні, звязаныя з пераходам працэсу дзяржзакупак поўнасцю ў лічбавы фармат (у прыватнасці па размяшчэнні гадавога плана закупак па новых правілах, рэзерваванні бюджэтных сродкаў, падпісанні дагавора дзяржзакупкі ў электронным фармаце), сталі галоўнымі ў абмеркаванні. Адказы на іх далі прадстаўнікі міністэрстваў фінансаў, антыманапольнага рэгулявання і гандлю, а таксама аператар ДІАС - Нацыянальны цэнтр маркетынгу.

Нацыянальны цэнтр маркетынгу Міністэрства замежных спраў з'яўляецца аператарам www.icetrade.by - сайта па размяшчэнні інфармацыі аб дзяржаўных закупках і закупках за кошт уласных сродкаў.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)