Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Астравецкі
раённы
выканаўчы
камітэт

Навіны раёна

21 лютага 2019

З чым прыйшоў у сельскую гаспадарку Іван Мар'янавіч Карніла

Документ без названия Як ужо паведамляла наша газета, напачатку года першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання прызначылі Івана Карнілу
   У сваім шчыльным графіку Іван Мар’янавіч вылучыў «акенца» для журналістаў «Астравецкай праўды» і даў першае інтэрв’ю на новай пасадзе.

...ПРА ПЛАНЫ 

– Іван Мар’янавіч, ці паспелі вы за гэты кароткі час пазнаёміцца з Астравеччынай? Што вас ура­зіла, здзівіла ці, можа, засму­ціла?
– Уражанні ад Астраўца самыя станоўчыя: горад чысты, дагле­джаны, дынамічна разві­ваецца. Ледзь  не  штомесяц адкры­ваюц­ца новыя аб’екты інфраструкту­ры. Прыемна, што тут кіпіць жыццё. 

– Якія праблемы і здабыткі ў рабоце сельгаспрадпрыемстваў вы паспелі ўжо акрэсліць для сябе?
– Я ўжо ўвайшоў у курс спраў. Скажу так: ёсць над чым працаваць – і працаваць трэба плённа.
Хачу адзначыць работу КСУП «Гудагай», які дэманструе доб­рыя вынікі ў сельскагаспадарчай вытворчасці. Тут ёсць фермы, дзе каровы даюць 30 кілаграмаў малака ў дзень. Але гудагайцам варта развівацца далей. Астатнія гаспадаркі  павінны цягнуцца за лідарам малочнай вытворчасці. 

– Усё свядомае жыццё вы працавалі галоўным заатэх­нікам – праца гэта ў пэўнай сту­пені творчая, вынікі якой бачны адразу. Работа ж начальніка ўпраў­лення райсельгасхарчу больш  рознабаковая і яе вынікі складана памацаць, вы­мераць у кілаграмах ці тонах. Якія задачы і мэты вы ставіце перад сабой на бліжэйшы час?
– Мне хочацца, каб у сельскай гаспадаркі Астравеччыны адкрылася другое дыханне. Упэўнены, што і ў жывёлагадоўлі, і ў раслінаводстве мы можам дасягнуць значна большых вынікаў. Для гэтага не заўсёды варта гнацца за моднымі навінкамі – хоць, канешне, і гэтага ніхто не адмаўляе. Не мной прыдумана: усё новае – гэта добра забытае старое. Банальнае выкананне тэхналогіі – пра што часта забываюцца на фермах і комплексах – дае свае вынікі. 
Цяпер, напрыклад, працуем над паляпшэннем якасці малака. Задача на бліжэйшы час: мінімум 45% малака пастаўляць на перапрацоўчыя прадпрыемствы гатункам экстра. А на малочна-таварных комплексах, дзе створаны ўсе ўмовы, усё атрыманае малако павінна быць гатунку экстра.
Не варта забываць, што розніца ад выручкі тоны малака першага гатунку і экстра складае амаль 26%. А гэта грошы, якіх так не хапае нашым гаспадаркам і якія можна атрымаць ужо сёння без асаблівых укладанняў. 

– А якія задачы ставіце ў раслінаводстве?
– Да 80% выручкі ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі прыпадае на жывёлагадоўлю. Таму расліна­водства павінна працаваць на патрэбы жывёлагадоўчай галіны.
На 2019 год перад сельска­гаспадарчымі прадпрыем­ствамі раёна пастаўлена задача атрымаць больш высокі ўраджай, чым летась, каб на патрэбы грамадскага статка хапіла канцэнтраваных кармоў і бялку. А для гэтага трэба своечасова падрыхтаваць насенне і тэхніку, не спазніцца з тэрмінамі і своечасова правесці пасяўную кампанію. 


...ПРА ШЛЯХ У ПРАФЕСІЮ

– Іван Мар’янавіч, як вы прыйшлі ў сельскую гаспадарку: гэта мара, свядомы выбар ці даніна часу?
– Нарадзіўся і гадаваўся я ў вёсцы Вуглы на Шчучыншчыне, бацькі ўсё жыццё працавалі на зямлі, таму ў іншай сферы сябе не бачыў. Калі надышоў час выбіраць паміж раслінаводствам і жывёлагадоўляй, пайшоў вучыцца на заатэхніка ў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут.

– Сельскагаспадарчыя пра­фесіі не асабліва папулярныя  ў моладзі: на фермах і палях даводзіцца працаваць амаль без выхадных, зарплата невысокая... Што б вы параілі студэнтам сельскагаспадарчых спецыяльнасцей, якія сёння-заўтра пачнуць свой працоўны шлях? 
– Нешта раіць выпускнікам ужо, напэўна, позна, а студэнтам ці абітурыентам параіў бы  папрацаваць у сельскай гаспадарцы – тады, мне здаецца, зменяцца жыццёвыя прыярытэты, адносіны да вучобы – заробленая сваім мазалём капейчына больш цэніцца, чым тая, што даюць бацькі. Ды і ўвогуле, фізічная праца ніколі і нікому не зашкодзіла. 

– Што, на вашу думку, трэба зрабіць, каб моладзь заставалася ў вёсцы?
– Ці застанецца спецыяліст у гаспадарцы, адпрацаваўшы належны тэрмін, залежыць ад трох фактараў: жылля,  наяўнасці выхадных дзён і зарплаты.  


...ПРА РАБОТУ Ў КАМАНДЗЕ 

– Іван Мар’янавіч, які вы кіраўнік?
– Кажуць, спецыяліста трэба любіць, як душу, і трэсці, як грушу. (Усміхаецца). 
А калі сур’ёзна, то, напэўна, патрабавальны – калі перад некім стаўлю задачу, то абавязкова спытаю пра яе выкананне – і па гэтым ацэньваю работу спецыяліста. 

– Ці згодны вы з выказваннем, што  адзін у полі не воін? І якую ролю для вас іграе каманда?
– Каб нечага дасягнуць, абавязкова трэба мець каманду аднадумцаў. 
Спецыялісты ўпраўлення райсельгасхарчу – прафесіяналы, яны не адзін год працуюць у сельскай гаспадарцы раёна. Буду абапірацца на іх вопыт і жаданне працаваць. А калі нехта стоміцца, вядома, нам  давя­дзецца развітацца.


...ПРА СЯМ’Ю І ВЫХАВАННЕ ДЗЯЦЕЙ

– Іван Мар’янавіч, раскажыце, калі ласка, крыху пра сваю сям’ю. 
– Жонка – настаўніца пачатковых класаў. Як і я, яна ўсё жыццё працавала на адным месцы – у Астрынскай сярэдняй школе імя А. Пашкевіч (Цёткі). У нас дзве дачкі – наш з Наталляй гонар і радасць: абе­дзве скончылі школу з залатым медалём. Цяпер яны вучацца ва ўніверсітэтах і плануюць звязаць сваё жыццё з праграміраваннем. 

– У вас ёсць нейкі сакрэт выхавання?
– Дзяцей трэба выхоўваць на ўласным прыкладзе і прывучаць да працы з самых ранніх гадоў. Калі яны бачаць, што бацька шмат працуе, што маці сядзіць дапазна за сшыткамі – дзеці ў пэўнай ступені, магчыма, несвядома, капіруюць мадэль паводзінаў бацькоў. 


...ПРА ЛЁС ВЁСКІ

– Кажуць, вёска дажывае сваё. Раней ледзь не ў кожнай хаце трымалі вялікую гаспадарку, а цяпер карова ў хлеўчуку – рэдкасць…
– Мне здаецца, што гэта нармальна. Грамадства мяняецца, і тое, што было актуальным дваццаць-трыццаць гадоў таму, цяпер не заўсёды мае сэнс. Працаўнік вёскі за сваю работу павінен атрымліваць дастойную зарплату, за якую ён зможа купіць усё неабходнае – у тым ліку малако і мяса. Тады і моладзь будзе заставацца працаваць у вёсцы, а не шукаць шчасця ў горадзе… А падсобная гаспадарка – гэта, хутчэй, занятак для душы, а не спосаб жыцця. 

– Іван Мар’янавіч, дзякуй за гутарку – і няхай усё задуманае вамі абавязкова ажыццявіцца. 

Текст: Алена Гануліч
Фото: Антон Мальшевский