Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Астравецкі
раённы
выканаўчы
камітэт

Навіны раёна

31 мая 2019

З песнямі, падарункамі, сюрпрызамі адзначыла «Астравецкая праўда» свой 78-ы дзень нараджэння

Гэта ўжо стала добрай традыцыяй: незалежна ад дня тыдня і надвор’я за акном супрацоўнікі «Астравецкай праўды», нашы няштатныя аўтары і чытачы 29 мая збіраюцца на ганку раённага вузла паштовай сувязі, каб разам, у цёплай сяброўскай, можна сказаць – сямейнай кампаніі, адзначыць дзень нараджэння газеты.

Хоць пачалося свята з віншаванняў нашых заснавальнікаў і сяброў: старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Свіла, старшыні грамадскіх аб’яднанняў «Белая Русь» Ірына Раткевіч і «Беларускі саюз жанчын» Наталля Баніцэвіч у дзень нараджэння газеты завіталі ў рэдакцыю, каб выказаць нашым супрацоўнікам словы падзякі за іх працу, а лепшых з іх – яшчэ і адзначыць. Падзячны ліст раённага выканаўчага камітэта атрымала Алёна Гануліч, Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў адзначана праца Рыты Дрэмы, а Падзячнымі лістамі – творчыя здабыткі нашых тэлевізійшчыкаў Дзмітрыя Каралевіча і Рыгора Рэвакі. Актывістаў Марыну Мацкевіч і Марыну Субко адзначылі і лідары грамадскіх арганізацый.


А вось сустрэчы журналістаў з чытачамі спрабаваў перашкодзіць дождж – але ўсе яго так доўга чакалі і прасілі, што нават не пакрыўдзіліся на «нябесную канцылярыю» за тое, што ўнесла свае карэктывы ў нашы планы, а хуценька перанеслі свята ў залу пошты. Некаторыя сцвярджалі, што так атрымалася нават больш утульна.

А ў астатнім традыцыям здраджваць не сталі. Гасцей свята прывітала галоўны рэдактар «Астравецкай праўды» Алена Ярашэвіч; наша дапытлівая АПэшка правяла віктарыну па гісторыі і сучаснасці газеты, пераможцай якой у чарговы раз стала Ванда Вайшнаровіч.

Сёлета ў нашай АПэшкі з’явіўся юны сябар Ягорка, які таксама правёў віктарыну, толькі па правілах бяспекі, – на жаль ці на шчасце, але тут не было адназначных лідараў, а ўсе, хто даў правільныя адказы на яго няпростыя пытанні, атрымалі салодкія прызы.

З сюрпрызамі прыйшлі на дзень нараджэння нашы чытачы і няштатныя аўтары: Рэгіна Дрэма і Капіталіна Пятроўская, якія парадавалі гледачоў вершамі, жартамі і песнямі. Шмат добрых слоў выказалі калектыву рэдакцыі сябры газеты – старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Расціслаў Бразінскі, інспектар раённага аддзела на надзвычайных сітуацыях Аляксандр Сачак, старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун.

І, як заўсёды, было шмат музыкі і песень, якія дарылі прысутным юныя астравецкія зорачкі Анастасія Веська, Валерыя Дарашкевіч і Валерыя Шлыковіч.


А на заканчэнне адбыўся розыгрыш прызоў сярод тых, хто ў гэты дзень выпісаў газету – іх было сямнаццаць чалавек, і чатыром з іх усміхнулася ўдача.

Зрэшты, без прыза, як і абяцала рэдакцыя, не застаўся ніхто: АПэшныя кексы атрымалі ўсе, хто завітаў на свята.

А яшчэ адным агульным падарункам, думаецца, стаў добры настрой, з якім усе пакідалі залу. І таму хочацца верыць, што сяброў у «раёнкі» будзе толькі прыбаўляцца.


Так што заставайцеся з намі ў святы і ў будні – і будзем сябраваць і надалей!

Нина Рыбик