Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Астравецкі
раённы
выканаўчы
камітэт

Навіны раёна

14 кастрычніка 2019

Залатыя правілы шчаслівай сям’і


Падарунак да сярэбранага вяселля атрымала шматдзетная сям’я Вайцяхоўскіх з Гудагая. Напярэдадні іх свята Галіне Вайцяхоўскай быў уручаны ордэн Маці, які, па яе словах, стаў узнагародай для ўсёй сям’і.

IMG_8267.jpg

ЛЁС І ЖЫЦЦЁ

Галіна  ніколі не задумвалася, колькі дзяцей у  яе будзе. Але ў дзяцінстве дзяўчынка не раз  са шкадаваннем гаварыла сваёй маці  пра тое, што ёй сумна расці адной.

–  Нарадзілася  я  ў звычайнай сям’і, была адна ў бацькоў. І мне заўсёды хацелася, каб  у нас была вялікая сям’я. У  маміных сясцёр было па пяць дзетак. Я вельмі любіла да іх хадзіць. Ім было так  весела і цікава разам! І я заўсёды зайздросціла ім, – расказвае Галіна Вайцяхоўская.

– Замуж я выйшла ў 33 гады, – далучаецца да размовы маці Галіны Хрысціна  Кандратовіч. – І толькі праз пяць гадоў нарадзіла дачушку.  Адну толькі  мела – так Бог даў. Затое цяпер  якая я шчаслівая і багатая – столькі ўнукаў маю!

Галіна закончыла Лошскую базавую школу, потым – Ашмян­­с­кае прафтэхвучылішча, дзе атрымала прафесію  пова­ра-кан­дытара. Толькі па спе­цыяль­насці так і не папрацавала.

– З будучым мужам мы па­знаёміліся на вяселлі, – усмі­хаецца Галіна. – Траюрадная сястра выходзіла замуж – і мяне на вяселле запрасілі. А мне так не хацелася,  але сяброўка ўгаварыла – разам весялей бу­дзе.
Віктара маладой асістэнтцы далі ў пару.

– Дзіўна так было: я з Мін­дзян, ён – з Вавяран, вёскі амаль побач знаходзіліся, а мы ні разу не сустракаліся, – смяецца Галіна. –  Нават на танцах  ні разу не бачыліся – відаць, хадзілі роз­нымі сцежкамі.

– Адгулялі вяселле, я пра­панаваў сустрэцца на танцах – і раз’ехаліся, – усміхаецца Віктар.

На наступны дзень яны сустрэліся.  Потым спаткаліся яшчэ раз і яшчэ… А праз  два гады і вяселле справілі. 

– Мне было 19, Віктару – 21. Маладыя… І  час быў складаны:   перабудова, развал Савецкага Саюза... Цяжка было і вяселле зрабіць,  і потым першага сына гадаваць, – расказвае Галіна. 

У жыцці гэтай дружнай сям’і было ўсялякае: не раз даводзілася мужу і жонцы мяняць  месцы працы, а пазней – і месца  жыхарства, але яны заўсёды падтрымлівалі адзін аднаго, можа,  таму і пражылі 25  гадоў у шчасці, радасці і любові. І пацвярджэнне гэтаму годная ўзнагарода, якую атрымала Галіна Вайцяхоўская за нара­джэнне і выхаванне пецярых дзяцей,  – ордэн Маці.

– Было радасна, прыемна і нечакана, што нашу сям’ю так высока ацанілі.  Я ўдзячна людзям, якія рэкамендавалі не мяне –  нашу сям’ю да ўзнагароджання, – разважае шматдзетная маці. – Калі нам патэлефанавала Яніна Вацлаваўна Панасюк з тэрытарыяльнага цэнтра і сказала, што  неабходна сабраць дакументы на ўзнагароджанне ордэнам Маці, мы былі здзіўлены. Вельмі ёй удзячна за падтрымку.
Яшчэ адным сюрпрызам для сям’і Вайцяхоўскіх стала музычнае выступленне на ўрачыстасці падчас узнагароджання іх дачкі Ганны.

– Было прыемна выступаць на канцэрце, на якім узна­гароджвалі маю маму. Гэта было пачэсна і ганарова – спяваць не толькі для астраўчан, але і для маёй любімай мамачкі, – гаворыць Ганна.
КВЕТКІ ЖЫЦЦЯ 

Першынец Вадзім нарадзіўся ў сям’і Вайцяхоўскіх у 1995 годзе.

– Мне вельмі хацелася, каб нарадзіўся сын – прадаўжальнік роду і абаронца, – гаворыць шматдзетная маці. – Так і сталася.  Вадзім быў вельмі неспакойным, але муж мне ва ўсім дапамагаў: і пялюшкі сціраў,  і па дому работу рабіў.

– Мама расказвала, што Ва­дзім днём спаў, а ноччу гуляў, – далучаецца да размовы дачка Вайцяхоўскіх Ганна. – І тата начамі, каб мама крыху паспала, няньчыў Вадзіма, а раніцай ішоў на работу.

Праўда, капрызлівым хлопчыкам быў толькі ў першыя гады свайго жыцця. Потым ніякіх клопатаў  бацькам не дастаўляў. Ён добра вучыўся ў школе і  актыўна ўдзельнічаў ва ўсіх мерапрыемствах, а пасля  атрымання прафесіі – а вучыўся хлопец ажно ў Брэсце ў чыгуначным каледжы – вярнуўся на радзіму і працуе на чыгунцы.

– Тое, што мы нядрэнна вучы­ліся ў школе і былі ак­тыўнымі, цалкам баць­коў­ская заслуга, – гаворыць Вадзім. – Усе  вечары мама з татам праводзілі з намі: мы вучылі вершы, чыталі творы, выконвалі ўсе заданні  і практыкаванні. Словам, гэта была сапраўдная школа дрэсіроўкі. Затое потым прыносілі толькі высокія балы.

– Спачатку мы вучыліся ў Лошскай школе, пазней пера­ехалі ў Гудагай  і змянілі школу, – працягвае Вадзім. – Па праўдзе кажучы, да 8 класа, калі стаў вучыцца ў Гудагайскай школе,  я і не ведаў, што хатнія заданні можна не выконваць, а спісаць іх у класе ў сваіх сяброў-аднакласнікаў. І быў здзіў­лены, як некаторыя вучні лёгка адносіліся да вучобы. 

Гэтым летам сям’я Вайця­хоў­­скіх папоўнілася – Вадзім ажаніўся. І ў бацькоў  з’явілася яшчэ адна дачка – Дар’я.

– Пазнаёміліся мы восем гадоў таму падчас пілігрымкі ў Будслаў, – расказвае Дар’я. –  Шэсць гадоў я вучылася, а Вадзім мяне чакаў.

… Другой  у сям’і Вайцяхоўскіх нарадзілася  Анюта.

– Гэта наша пеўчая птушач­ка. Я  была цяжарнай, ішла на рабо­ту і спынілася машына, каб падвез­ці мяне. Вадзіцель  аказаўся доктарам. Спачатку зрабіў мне заўвагу, чаму я ў такім стане і пешшу, а потым адзна­чыў, што зімовыя дзеткі  нараджаюцца здаровымі  і тале­навітымі, – успамінае Галі­на. – Аня, канешне, хварэла –  асабліва на прастудныя захвор­ванні, мы не раз ляжалі ў бальніцы. А вось з талентам ён не памыліўся. З дзяцінства яна любіць спяваць. І менавіта спевы выбрала будучай пра­фесіяй.

Быць спявачкай  або балерынай Аня марыла з дзяцінства. Магчыма,  таму і пайшла ў музычную школу, якую закончыла па класу баяна.

– Я спявала ў касцёльным хоры – усе добра адгукаліся пра маё выкананне. А потым мяне праслухала настаўніца музычнай школы – яна пацвердзіла, што ў мяне ёсць голас. І я вырашыла паспытаць удачу – паступіць у Маладзечанскі му­­зыч­ны каледж імя Агінскага, – рас­казвае Ганна Вайцяхоў­ская. – Цяпер вяду  заняткі ў  класе хара­вога акадэмічнага вакала ў Гуда­гайскім філіяле дзіцячай школы мастацтваў.
У класе Ганны Вайцяхоўскай дзевяць дзетак.  Сярод іх і яе малодшая сястрычка Вераніка, якая таксама любіць спяваць.

– Дзяцінства ў нас было шчаслівае, – успамінаюць старэйшыя Вадзім і Ганна. – І сёння мы шчаслівыя, што ў нас такая вялікая і дружная сям’я.

Праз пяць гадоў пасля Ганначкі ў сям’і з’явілася Тац­цяна. Сёння дзяўчына вучыцца ў 11 ваенна-патрыятычным класе   Гудагайскай сярэдняй школы.

– Таня – ідэальнае дзіця. Актыўная і старанная, спакойная і  талерантная, – расказвае мама. – З ёй няма ніякіх праблем. Спачатку Вадзім вучыўся, потым стаў працаваць, Аня паехала на вучобу, а галоўнай маёй памочніцай па дому  стала Танюша  – клопаты па доглядзе  малодшых сястрычак ляглі на яе.

– Больш работы па дому рабі­лі  мама  і тата, але і я таксама дапамагала, – гаворыць Таццяна.  

Падрастаюць у сям’і Вайця­хоўскіх  дзве малодшыя дачуш­кі-пястушкі. Маша вучыцца ў трэцім класе, Вераніка сёлета пайшла ў першы.

– Маша займаецца ў гуртку бальных танцаў пры Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Цяпер яна ажыццяўляе  мару Анюты добра танцаваць, – расказвае Галіна Вайцяхоўская. – Яна не раз займала першыя месцы на конкурсах бальных танцаў, доб­ра малюе, займаецца ў гуртках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

– Калі вырасту, буду блогерам. Гэта так цікава, – разважае Маша. –  Буду здымаць відэа на розныя тэмы і выкладваць іх у сваім блогу.

Самая маленькая з Вайця­хоўскіх  – Вераніка – сёлета пайшла ў першы клас. 

– У садок мне не вельмі хацелася хадзіць, а вось у школе падабаецца, – гаворыць  дзяўчынка. –  У нас вельмі добрая  настаўніца – Надзея Пятроўна. Нядаўна нас пасвяцілі ў першакласнікі і выдалі дыпломы. 

Гэта першая школьная ўзна­гарода Веранікі Вайця­хоў­скай, але верыцца, што не апошняя.

46516549.jpg

ПРА ВЫХАВАННЕ ДЗЯЦЕЙ

– Выхаваннем дзяцей павінны займацца  і мама, і тата, – упэўнена Галіна  Вайцяхоўская. 

– У нас на школьныя  баць­коў­скія сходы часцей хадзіў тата. Пакуль сядзела ў дэкрэтным адпачынку,   трэба было быць дома  з дзецьмі. А калі выйшла на працу, дапазна даводзілася быць на ферме.

– Нашых дзяцей заўсёды хвалілі, – гаворыць Віктар  Вай­­ця­хоўскі. – Заўсёды было прыемна і радасна за іх… Пры­ходзіў дадому, расказваў жонцы, як прайшоў бацькоўскі сход, потым разам  размаўлялі  з дзецьмі.

IMG_8487.jpg

ПРА ВЕРУ

Сям’я Вайцяхоўскіх глыбока веручая. І гэта таксама ідзе з дзяцінства.

– Кожную нядзелю мы ішлі ў каплічку ў Лошу, – успа­мінаюць Вадзім і Аня. – Маці было складана прывіць гэта нам.  Часам ісці не хацелася, але хапала яе позірку – і мы збіраліся і ішлі.  Малодшыя сёстры глядзелі на нас і бралі прыклад. Цяпер гэта ўжо сямейная  традыцыя.


Вуснамі дзяцей

– Мама строгая, калі мы дрэнна сябе вядзём. Тады яна становіцца камандзірам, якога даводзіцца слухаць,  але  яна справядлівая  і любячая, сентыментальная і добрая.

– А яшчэ ўважлівая, клапатлі­вая і  ранімая.

– Мама любіць рабіць сюрпрызы. На маё 18-годдзе яна прыгатавала  велізарны мядовы торт з 18 каржоў – гэта быў такі сюрпрыз!

– А як смачна яна гатуе! Едзеш на вучобу ў цягніку – а з сумкі такія пахі, як у рэстаране!
Текст: Марина Мацкевич
Фото: Елена Ярошевич