Главная / Новости / Новости района
02.06.2023

Подтвержден еще один факт геноцида во время Великой Отечественной войны - найдены останки расстрелянных мирных граждан.

 Вялікая Айчынная вайна скончылася 78 гадоў назад. Усё менш застаецца ветэранаў, вязняў канцэнтрацыйных лагераў і проста сведкаў тых жахлівых падзей. Але вайна не адпускае… Адкрываюцца ўсё новыя факты, у тым ліку пра знішчэнне мірнага насельніцтва. Асабліва жорстка абыходзіліся з людзьмі, якія па меркаванні фашыстаў, былі не такія, як усе…

Генеральнай пракуратурай працягваецца расследаванне крымінальнай справы па фактах генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай і пасляваенны час. На днях пракуратура Гродзенскай вобласці пацвердзіла яшчэ адзін, дагэтуль афіцыйна не зарэгістраваны, факт на Астравеччыне. На месцы раскопак ля вёскі Дайноўкі пабываў і карэспандэнт “АП”.

На ўскрайку леса, непадалёк ад дзіцячага летніка “Ластаўка”, быў курганны насып. Менавіта тут, як расказвалі мясцовыя жыхары, немцы расстралялі цыганскі табар. Вяскоўцы зрабілі на гэтым месцы курган. А вясной 2004 года настаўнікі і вучні Лошскай базавай школы пры падтрымцы Гудагайскага сельскага Савета добраўпарадкавалі гэтае месца, паставілі крыж, а пазней і агароджу.

IMG_6750.jpg

Менавіта тут і праводзілі раскопкі. Байцам 52-га пошукавага батальёна не давялося глыбока капаць: астанкі людзей былі знойдзены нават менш, чым праз паўметра. Бачна, забітых проста спіхнулі ў неглыбокую яму і ледзь прысыпалі зямлёй.

Андрэй Скурат, намеснік пракурора Гродзенскай вобласці:

6265.jpg

– Дзякуючы паказанням сведкаў, якія мы атрымалі падчас расследавання, стала вядома, што летам 1941 года каля вёскі Дайноўкі знаходзіўся цыганскі табар. Пра гэта стала вядома фашыстам, якія схапілі гэтых людзей, адвялі мужчын і хлопчыкаў у адзін бок, жанчын і дзяўчынак – у другі, пасля чаго расстралялі іх у розных месцах. Затым скінулі трупы ў загадзя выкапаныя ямы і ўтрамбавалі бронетэхнікай. Сумесна з 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам Міністэрства абароны праводзім на гэтым месцы раскопкі. Першасны агляд ужо пацвярджае атрыманую падчас расследавання інфармацыю. Знойдзены астанкі касцей прыкладна 6-ці мірных жыхароў, якія загінулі гвалтоўна – пра што сведчаць адтуліны ў чэрапах, якія нагадваюць сляды ад куль. Аднак канчатковыя высновы (палавая прыналежнасць, прычыны смерці і іншыя падрабязнасці) будуць дадзены падчас правядзення адпаведных экспертыз. Працэсуальныя дзеянні па гэтым факце працягваюцца.

IMG_6778.jpg

Прадстаўнікі пошукавага батальёна асцярожна здымаюць пласты зямлі са знойдзеных астанкаў, і ўсё больш яскрава бачны часткі раскіданых шкілетаў.

– Я з тутэйшых, таму чуў ад старажылаў, што тут расстралялі нявінных, – узгадвае Аляксандр Пілецкі, які працаваў гісторыкам у Лошскай базавай школе. – Яшчэ расказвалі, што зямля на гэтым месцы некаторы час варушылася, а затым прыбег сабака з цыганскага табару і працяжна выў. Факт расстрэлу быў недаказаны і трымаўся толькі на ўспамінах, але землякі вельмі перажывалі, што гэтае месца ніяк не пазначана, а там жа пахаваны людзі. Таму, калі працаваў у школе, узнікла ідэя паставіць тут крыж і добраўпарадкаваць тэрыторыю – каб не толькі мы, але і наступныя пакаленні ведалі пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Пры дапамозе мясцовай улады ідэю ўдалося ажыццявіць. Цяпер, калі знойдзены рэшткі забітых і расповеды старажылаў пацвердзіліся, скажу адно: неапісальны жах, калі знішчаюць людзей проста таму, што яны камусьці не падабаюцца па нацыянальнай прыналежнасці ці рэлігійных поглядах. А яшчэ гэта вялікая трагедыя. Любая вайна – гэта ахвяры. Мне здаецца, што цяпер тыя ахвяры стукаюць у нашы сэрцы, каб мы помнілі пра гэта і зрабілі ўсё магчымае, каб трагедыя больш не паўтарылася.

1414.jpg

Пакуль размаўляла з Аляксандрам Іванавічам, байцы працягвалі работы, знаходзячы рэшткі курыльнай трубкі, кальцо, гільзу. Усё гэта старанна ачышчалася і клалася ў спецыяльныя пакеты – для экспертызы. Назіраючы за карпатлівымі дзеяннямі хлопцаў, захаплялася іх прафесіяналізмам.

– Для гэтага праходзім спецыяльнае навучанне, перш за ўсё сапёрнай справе, бо ніколі не ведаеш, з чым сутыкнешся. Мы знаходзім не толькі астанкі мірных жыхароў, але і чырвонаармейцаў, побач з якімі могуць быць снарады, таму трэба быць вельмі пільным і акуратным, – расказвае пра спецыфіку работы сапёр Мікіта Прахарэнка. – Работы шмат. Самае галоўнае для нас – перапахаваць астанкі і высветліць як мага больш, у тым ліку імёны. Бо, як кажа наш камандзір, вайна не скончана, пакуль не пахаваны апошні загінулы. Што тычыцца гэтых раскопак, па тым, што побач адзін з адным знаходзім косткі розных аддзелаў шкілета, можна сказаць: людзі былі раскіданы абы як. Напрыклад, працуеш з галёначнай косткай, а побач можа быць ключычная. Гэта ўскладняе працэс.

1212.jpg


Генадзь Бычко, намеснік старшыні райвыканкама:

– Знаходжанню і ўшанаванню месцаў загінулых у ваенны час заўсёды надавалася вялікая ўвага. Канешне, пракуратура выканала вялізны пласт работы, па крупіцах збіраючы матэрыял і высвятляючы, хто і пры якіх абставінах тут загінуў. Дзякуючы гэтаму цяпер мы дакладна ведаем, што тут сапраўды быў здзейснены вераломны акт фашыстаў. Загінулі людзі і мы павіны ўшанаваць памяць аб іх. Таму пасля завяршэння ўсіх пошукавых і следчых работ мы абавязкова перапахаваем знойдзеныя астанкі, як і належыць, – з ушанаваннем. Спачатку ўстановім тут часовы, а з цягам часу больш сур’ёзны памятны знак. Гэта будзе яшчэ адно пацвярджэнне, што і астравецкая зямля панесла страты ў час Вялікай Айчыннай вайны. Каб памяталі мы і нашы нашчадкі.

IMG_6767.jpg

Ад аўтара. Я ўпершыню пабывала на такіх раскопках і была вельмі ўражана. І не выглядам чалавечых астанкаў, не слядамі ад куль у чарапах. Мне было жудасна ад жорсткасці, нянавісці, бязлітаснасці тых істот, якія забілі людзей проста за тое, што лічылі іх не такімі, як усе. Вайна – самае страшнае, што можа здарыцца ў свеце. І такімі мудрымі, глыбокімі і праўдзівымі аказаліся словы байцоў пошукавага батальёна. Бо на маё пытанне, ці не боязна ім працаваць, адказалі: “Чаго і каго тут баяцца? Косці не кусаюцца… “Грызуцца” і забіваюць жывыя людзі…”

АП